РЭКРЭАЦЫ́ЙНАЯ ТЭРЫТО́РЫЯ,

тэрыторыя з прыродна-ландшафтнымі і культ.-антрапагеннымі комплексамі, якая выкарыстоўваецца для адпачынку, турызму, санаторна-курортнага лячэння. Падзяляецца на месцы адпачынку (паркі, скверы, леса- і лугапаркі, рэкрэацыйныя лясы, садова-агародныя кааператывы і інш.) і рэкрэацыйныя зоны (зоны адпачынку і турызму, курорты, турысцкія цэнтры і інш.). Вылучаюцца Р.т. кароткачасовага (штодзённага, штотыднёвага) і працяглага адпачынку; азёрна-лясныя, леса-рачныя, прыморскія, горныя і інш. На Беларусі Р.т. ўключае 8 курортаў рэсп. і 5 мясц. значэння, 14 зон адпачынку рэсп. і 187 мясц. значэння агульнай пл. 1,85 млн. га. Каля 30% Р.т. (пераважна ў Гомельскай, Магілёўскай, часткова ў Мінскай абласцях) пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС знаходзяцца ў зоне радыеактыўнага забруджвання, дзе патрабуецца працяглая рэкультывацыя.

І.​І.​Пірожнік.

т. 13, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)